Галоўная Структура Навіны Анонсы Паслугі Электронны каталог

 

Гісторыя
Нашы дасягненні
Бібліёбус
Новыя паступленні
Перыядычныя выданні
ПЦПI
Бібліятэкарам
Відэаагляды
Архіў навін
Важнейшыя падзеі 2016 года
Прыём грамадзян
Зваротная сувязь

 

 

 

 

Гісторыя

Рэспубліканскія бібліятэкі:

Абласныя бібліятэкі:


"Альбом гісторыі адкрыты"

(з гісторыі развіцця бібліятэчнай справы на Смаргоншчыне)

                          Т.А. Камароўская, заг.аддзела 

бібліятэчнага маркетынгу Смаргонскай ЦБС

Звесткі аб першых бібліятэках на Смаргоншчыне звязаны з імем Хрыстафора Зяновіча (1540-1614), старасты чачэрскага і прапойскага, каштэляна і ваяводы брэсцкага. Ен сабраў вялікую па тым часе бібліятэку і размясціў яе ў башнях Кальвінскага сабора. У сваім завяшчанні ён напісаў: “...Библиотеку, которую мне при жизни удалось собрать, оставляю тебе, Николай, сын любезный, и твоим потомкам как величайшую драгоценность. Прошу тебя не разбрасывать её, а, даст Бог, и увеличивать. Всегда держать в одном месте, в Сморгонях при церкви”.

На той час існавалі бібліятэкі ва ўсіх дваранскіх сядзібах: Залессі, Дабраўлянах, Вішневе, Жодзішках.

У Жодзішках бібліятэка існавала яшчэ ў пачатку 18 ст.  Тут 15 снежня 1708 года быў адкрыты калегіум, а ў 1710 годзе пры ім была створана бібліятэка. Пасля забароны Ордэна іезуітаў закрылі і Жодзішскі калегіум.  Маёмасць іезуітаў была перададзена дзяржаве, аб чым сведчыць акт, датаваны 19.11.1773 – 26.02.1774гг. У акце аб школьнай бібліятэцы запісана наступнае: “...В библиотеке обнаружено книг различных авторов в количестве 582, которыми свободно могли пользоваться все профессора. Все книги пронумерованы и приписаны к архиву...”

Аддзел камплектавання

Сярод архіўных матэрыялаў аб маёнтку Агінскіх захавалася апісанне бібліятэкі, якая была адначасова і кабінетам гаспадара: “...В библиотеке мебель: фортепиано из красного дерева, венское, стол из ясеня, сукном пунцовым выклеен, столик из красного дерева, раскладной, бильярд ольховый на шести ногах сукном зеленым обтянут... А из библиотеки через двойные стеклянные двери можно было пройти на галерею…”

У Р. Афтаназі ва ўспамінах аб Залессі ёсць такія радкі: “Князь М.-К. Огинский собрал в своём деревенском дворце солидную библиотеку, главным образом, на французском языке, которая в 1920г. была передана в Центральную Государственную библиотеку в Ковно”.

         Існуюць звесткі і аб бібліятэцы  ў маёнтку графа А. Гюнтэра ў Дабраўлянах: “Уладальнік Дабраўлянаў быў заўзятым калекцыянерам… У яго бібліятэцы было шмат старадрукаў і рукапісаў… Гаспадар асабліва ганарыўся рукапісам “Гражыны…”      

 “Самы дзівосны свет – гэта размешчаная на гарышчы дзядзькава бібліятэка. Туды ўваходзілі мы вельмі рэдка, па спецыяльнаму дазволу і са святой трывогай. Кнігі да столі, пісьмовыя сталы, паперы, папкі...” - успамінала Алена Ромер-Аляхноўская пра бібліятэку Яна Карловіча ў Вішнева, дзе мовазнаўца, фалькларыст і гісторык жыў з 1873 да 1882 года.

У 1843 годзе было адкрыта Смаргонскае сельскае вучылішча, бібліятэка якога налічвала 242 кнігі і 49 пропісаў. Па колькасці кніг Смаргонскае вучылішча займала першае месца сярод усіх вучылішчаў Ашмянскага павета.

Існуюць звесткі і аб бібліятэцы ў доме І. Ф. Сініцкага, вельмі адукаванага чалавека, які ў 1893 годзе купіў у Смаргоні невялікі кавалак зямлі і пабудаваў дом. “Ён разгарнуў бурную грамадскую дзейнасць: пісаў карэспандэнцыі ў газеты, абараняў сялян у судах, дапамагаў ім парадамі, пазычаў кнігі і часопісы са сваёй багатай бібліятэкі… У 1894г. вакол бібліятэкі Сініцкага акрэсліўся гурток моладзі сацыял-дэмакратычнага кірунку. Чыталіся нелегальныя выданні: “Работник”, “Рабочий день”, Что нужно знать и помнить каждому работнику”, “Кто чем живет”. Але ў выніку даносу  ў 1895г. паліцыя арыштавала гэтую бібліятэку”.

У 1902г. у Смаргоні было адкрыта гарадское 4-х класнае вучылішча, пры якім была і бібліятэка. Абавязкі бібліятэкара выконваў Дзмітрый Міхайлавіч Калоніус. Ен выкладаў рускую мову, гісторыю, фізіку, маляванне і чарчэнне. За выкананне абавязкаў бібліятэкара Калоніус атрымліваў 90 рублёў.

Агляд літаратуры ў раённай бібліятэцы

Смаргонь у той час была даволі буйным прамысловым горадам. У 1904 годзе тут налічвалася 32 прадпрыемствы, 212 рамесных майстэрняў.

 Звестак аб бібліятэках на Смаргоншчыне ў больш позні час аж да 1939 года не захавалася.

У 1939 годзе метадычны кабінет раённага аддзела народнай асветы арганізаваў бібліятэку  з кніжак, якія сабралі  чытачы (усяго 500 экз.). Першай загадчыцай бібліятэкі была Сіцько Ніна Іванаўна. Работа паступова наладжвалася, але перашкодзіла вайна. Бібліятэка, яе фонд, як і амаль увесь горад, былі знішчаны.

Адразу пасля вызвалення Беларусі паўстала пытанне аб аднаўленні работы бібліятэкі як неад’емнай часткі мірнага, стваральнага жыцця, узнаўлення разбуранай гаспадаркі. З Казанскай бібліятэкі ў Смаргонь даслалі 170 экз. кніг. Так у 1944 годзе была створана  раённая бібліятэка.

У 1945г. было атрымана яшчэ 250 экз. з кніжнага склада г. Маладзечна. У гэты год бібліятэка абслужыла 125 чытачоў, з іх – 25 дзяцей. Загадвала бібліятэкай Страшынская Лідзія Мікалаеўна, бібліятэкарам працавала Жаўняровіч Валянціна Васільеўна.

Цэнтрам культурна-масавай і палітыка-выхаваўчай работы сярод насельніцтва ў саракавыя гады з’яўляюцца хаты-чытальні.

У 1940-1950-я  гады ўстановы бібліятэчнага характару ў раёне былі рознага тыпу: хата-чытальня, прыклубная бібліятэка, бібліятэка.

У ліпені 1945г. пачалі дзейнічаць хаты-чытальні ў в. Шутавічы ( заг. Хлябовіч) і ў в. Базары (заг. Рапацэвіч).

У гэтым жа годзе намаганнямі Кузняцовай Яўгеніі Мікалаеўны была створана бібліятэка ў в. Паніззе (зараз гэта Сінькаўская с/б), размяшчалася яна ў прыватным памяшканні. У 1947 годзе да сельскага клуба было дабудавана памяшканне пад бібліятэку. Яе кніжны фонд налічваў усяго 246 экз. кніг, а на 1 студзеня 1968 года ен складаў ужо 4233 экз.

Сіламі камсамольцаў у 1946 годзе быў закончаны рамонт хаты-чытальні ў в. Данюшава.: “Зараз хата-чытальня мае культурны выгляд. Набыты новы радыёпрыёмнік “Родина”. Цяпер кожны вечар у хату-чытальню збіраюцца сяляне, каб паслухаць даклад, прачытаць газету, паслухаць па радыё апошнія паведамленні”,- пісала газета “Светлы шлях”. У Солах хата-чытальня знаходзілася ў  кабінеце старшыні сельсавета.

Першым бібліятэкарам і вартаўніком Кушлянскай бібліятэкі быў М. С. Ляпеха, вялікі знаўца і аматар творчасці Ф. Багушэвіча, самаахвярны захавальнік Кушлянскай сядзібы. Цяжка было працаваць ў пасляваенныя гады, але  Ляпеха заставаўся на сваёй пасадзе да 1951 года.  Затым ён  быў назначаны загадчыкам дома-музея і працаваў там да 1988 года. З 1952 года загадвала бібліятэкай Т. Сільвановіч. З яе прыходам была заведзена першая інвентарная кніга, першы запіс у ёй быў зроблены 8 лютага 1952 года. Бібліятэка мела назву Кушлянская сельская бібліятэка пры сядзібе-музеі Ф. Багушэвіча.

У 1946 годзе была адкрыта  Войстамская сельская бібліятэка з фондам 340 экз. кніг, якая абслугоўвала 45 чытачоў. Першым бібліятэкарам была Літвін Ганна.

Праз год пачалі працаваць Стрыпунская хата-чытальня (загадчык Ласянюк) і  хата-чытальня ў Рымцелях (загадвала Войтка М. Д.)

Узмоцненая цікавасць інтарэс да кнігі выклікала неабходнасць арганізацыі перасовак.  1948 годзе на перыяд веснавой сяўбы было накіравана ў  вёскі 28 перасоўных бібліятэк.

У чэрвені 1948 года райкультасвет аддзел атрымаў з Мінскага бібліятэчнага калектара 2500 экз. кніг на суму 10700 руб. Раённая бібліятэка пачала камплектаваць і бібліятэкі-перасоўкі, хаты-чытальні, сельскія бібліятэкі. Рашэннем выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных (18 ліпеня 1948г.) шэраг хат-чытальняў пры сельскіх Саветах былі пераўтвораны ў сельскія клубы.

З артыкула мясцовай газеты “Гэта зроблена ў 1949 годзе”: “…Для культурных патрэб насельніцтва на вёсцы адкрыта 3 хаты-чытальні, 2 бібліятэкі і 17 чырвоных куткоў”.

З 1954 года Шутавіцкая хата-чытальня знаходзілася ўжо ў памяшканні сельскага Савета. Бібліятэчны фонд складаў усяго 280 экз. кніг, размешчаны ён быў на самаробных драўляных палічках. З 1964 да 1984 года загадчыцай была Тамара Змітраўна Філіпава. Ад бібліятэкі працавалі: 9 кніганошаў, 5 перасовак і адна грамадская бібліятэка.

У 1948 годзе была адкрыта Ракавецкая хата-чытальня, якой загадвала Г.Гоман. Пачала дзейнічаць Крэўская сельская бібліятэка (заг.І. Плоткіна)

На пачатак 1949 года ў раёне працуе 16 хат-чытальняў, 5 Дамоў культуры, 48 чырвоных куткоў. За гэты год на вёсцы адкрыліся яшчэ 3 хаты-чытальні, 2 бібліятэкі і 17 чырвоных куткоў. Кніжны фонд хат-чытальняў і прыклубных бібліятэк павялічыўся на 4,6 тыс. экз. У раёне ўдасканальваецца ўлік кніг, апрацоўка і расстаноўка фонду вядзецца ў сістэматычна-алфавітным парадку. Складаюцца алфавітныя каталогі. З кожным днём расце кніжны фонд бібліятэкі пры Залескім Доме культуры, які налічвае ўжо 1297 кніг палітычнай, мастацкай і навуковай літаратуры. Адкрыта  Асіпанская сельская бібліятэка з фондам 150 экз., якая абслугоўвае 50 чытачоў. Першая загадчыца - Захарава Марыя Сцяпанаўна.

Развіццё народнай гаспадаркі ў 1950-я гады было цесна звязана з рашэннем задач па камуністычным выхаванні працоўных. Важную ролю ў гэтым адыгрывалі дамы культуры, клубы і бібліятэкі. У сетцы культурна-асветніцкіх устаноў раёна адно з вядучых месцаў належала бібліятэкам. Надавалася вялікае значэнне развіццю сеткі, рабіліся захады па ўмацаванні матэрыяльнай базы, забеспячэнні кадрамі, паляпшэнні іх дзейнасці.

У 1952 годзе адкрыліся: Раслянская (бібліятэкар Зінкевіч Э.В.), Лашанская (бібліятэкар Губар В. Ю.) і Шутавіцкая (бібліятэкар Шутовіч Г. В.) сельскія бібліятэкі. 

Да канца 1950-х гадоў адчынілі дзверы яшчэ 9 бібліятэк. Усяго ў 1958 годзе налічвалася 15 бібліятэк з агульным кніжным фондам 41523 экз. Яны абслугоўвалі 4357 чытачоў. Акрамя бібліятэк вялікую працу  вялі хаты-чытальні, якіх у 1950-я гады ў раёне дзейнічала больш за 20. У  прыватнай хаце сям’і Гардзевічаў была створана Мілэйкаўская бібліятэка.

Чытач В. Татарынцаў выбірае літаратуру

З артыкула ў мясцовай газеце “Светлы шлях”:

“У 1950 годзе ў горадзе і сельскай мясцовасці было клубаў і масавых бібліятэк на 15% больш, чым у 1940г. У Міцкаўскай хаце-чытальні (працуе Мікалай Лісоўскі) да паслуг наведвальнікаў кнігі (500экз.), газеты, часопісы, шашкі, шахматы, даміно.

Адзначана добрая работа Ракавецкай хаты-чытальні (заг. Варанкова). Працуюць гурткі мастацкай самадзейнасці, існуе група няштатных дакладчыкаў, працуе савет хаты-чытальні, наладжаны выпуск насценнай газеты.

Каранеўская хата-чытальня не мае памяшкання для пастаяннай работы. Заг. хаты-чытальні працуе Ганна Мінко. Фонд больш за 500 экз., чытачоў – 75 чалавек. Часта праводзяцца лекцыі і даклады для насельніцтва.

Пры Панізаўскім сельскім клубе працуе бібліятэка, у якой налічваецца 1360 кніг і 154 чытачы. Бібліятэкарам-масавіком працуе камсамолка Тамашэўская. З бібліятэкі выдаюцца для часовага карыстання бібліятэчкі-перасоўкі. Трымаецца цесная сувязь з абласной і раённай бібліятэкамі. Па выніках работы за 1949 год бібліятэкар-масавік прэміравана месячным акладам. Бібліятэка атрымала на 500 руб. шашкі, шахматы, музычныя інструменты. Адчынена хата-чытальня ў вёсцы Сівіца Панізаўскага с/с. Тут наладжана гучная чытка газет, праводзяцца заняткі  па вывучэнні выбарчага закона. Кожную нядзелю дэманструюцца кінафільмы.

У папаўненні кніжнага фонду бібліятэкі пры Залескім с/с вялікую ініцыятыву праяўляе калгасная моладзь і бібліятэкар-масавік Ліс Марыя. Кніжны фонд перавышае 1,5 тыс. экз. Звыш 100 чытачоў карыстаюцца літаратурай бібліятэкі. Працуе Заазёрская хата-чытальня (заг. Раіса Ляшчова).”

У 1951 годзе ўсе формы і метады культ-асвет работы былі накіраваны на паспяховае выкананне і перавыкананне дзяржаўных планаў у галіне развіцця народнай гаспадаркі. У бібліятэках афармляліся выставы, пісаліся рэкамендацыйныя спісы, праводзіліся чытацкія канферэнцыі. Пачынаецца арганізацыя каталогаў.

Пры клубах і бібліятэках пачалі стварацца гурткі, рыхтуюцца канцэрты. Пры Слабсненскай хаце-чытальні (заг. Е.С. Шалунова) створаны харавы і драматычны гурткі.

У 1952 годзе пачала працаваць бібліятэка пры Крэўскім Доме культуры (бібліятэкар-масавік Траццяк А.Ф.) у ей налічвалася 2000 кніг.

Пасля заканчэння рэстаўрацыі дома Ф. Багушэвіча ў Кушлянах у адным з яго пакояў адкрылася бібліятэка з фондам звыш 1000 экз. кніг (заг. Асіпенка М. Т.).

Перад бібліятэкамі паўсталі задачы па актывізацыі масавай работы. Неабходна было праводзіць вечары на сельскагаспадарчыя тэмы, літаратурныя вечары, надавалася шмат увагі баявым лістка, маланкам, фотавыставам, фотаплакатам.

У Смаргоні ў 1953 годзе поўным ходам ідуць работы па аднаўленні двухпавярховага будынка пад раённую бібліятэку (заг. Жаўняровіч В.В.). У гэтым жа будынку плануецца размяшчэнне дзіцячай бібліятэкі, яе фонд  налічвае каля 3000 тамоў кніг (заг. Е. Скарынкіна)

Пачалі працаваць: Сыраваткінская сельская бібліятэка з фондам 270 экз. і 39 чытачамі (Прымачова Марыя), Калпейская сельская бібліятэка – фонд 437 экз. і 56 чытачоў, Папялевіцкая сельская бібліятэка з фондам 1500 экз. і 70 чытачамі ( Плоткіна Роза).

На абанеменце раённай бібліятэкі

Адкрылі новую сельскую бібліятэку ў в. Шостакі. У бібліятэцы налічвалася больш за 60 чытачоў.

З мэтай паляпшэння абслугоўвання насельніцтва ў 1954 годзе была прынята пастанова выканкама Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў працоўных № 94:

«1. Утвердить план строительства колхозных клубов и библиотек в 1954 году согласно приложению №1.

2. Обязать правления колхозов обеспечить в текущем году выполнение плана строительства колхозных клубов и создание колхозных библиотек. Предусмотреть выделение денежных средств (2% от отчислений в культфонд колхоза) для приобретения книг библиотекам колхозов.

3. Обязать районный отдел культуры и правления колхозов:

а) укомплектовать библиотеки колхозов сочинениями Ленина, Сталина, произведениями Мичурина, Вильямса, Лысенко, новейшей сельскохозяйственной литературой…, а также лучшими произведениями русской и белорусской художественной литературы

б) довести книжный фонд каждой библиотеки до 500 экз. книг. Обеспечить подписку на газеты и журналы согласно рекомендуемому минимуму

в) подобрать библиотекарей из числа грамотных колхозников …

4. Обязать правления колхозов предоставить помещения для библиотек и создать необходимые условия для работы библиотекарям.

5. Рекомендовать оплату библиотекарям колхозных библиотек, которые насчитывают не менее 500 экз. книг и не менее 100 человек читателей, до 20 трудодней в месяц».

Згодна з гэтым палажэннем ў Смаргонскім раёне ў 1954 годзе пачалося будаўніцтва 17 бібліятэк.

На пачатку 1955 года ў раёне налічвалася 39 культ-асвет устаноў, 1 раённая бібліятэка, 1 гарадская бібліятэка, сельскіх бібліятэк – 12 і хат-чытальняў – 10. Агульны фонд бібліятэк раёна ў 1956 годзе складаў 52041 экз.; наведвалі бібліятэку 5509 чалавек.

1956 год стаў годам адкрыцця Сялецкай сельскай бібліятэкі, якая мела 280 экз. фонду і 22 чытачы. Першай загадчыцай была Новік А.М. У 1957 годзе пачалі працаваць: Аславяняцкая сельская бібліятэка, якая мела 300 экз. фонду і 20 чытачоў (першы бібліятэкар  Шарамецева В. М.); Стрыпунская сельская бібліятэка – кніжны фонд 350 экз. і 27 чытачоў (Лебедзь З. А.) і Мацюлінская сельская бібліятэка з фондам 1000 экз. і 102 чытачамі (Крэсла Рэгіна). Усяго ў раене дзейнічае 14 сельскіх бібліятэк і 55 перасовак.

У Смаргоні ў 1958 годзе пабудавалі летні кінатэатр. Было адрамантавана, добраўпарадкавана і прыстасавана для паўнацэннай работы памяшканне для раённай і дзіцячай бібліятэк.   Кніжны фонд складаў 14098 экз. Колькасць чытачоў на абанеменце – 1181 чалавек і 230 – у чытальнай зале. Кнігавыдача – 18073 экз. Пры раённай бібліятэцы арганізавана 15 перасовак. У 1958 годзе самастойных сельскіх бібліятэк у раене налічвалася 14. Паступова прыклубныя бібліятэкі пераўтвараліся ў самастойныя сельскія. Пачала працаваць Данюшаўская сельская бібліятэка, кніжны фонд якой налічваў 890 экз., абслугоўвалася 35 чытачоў. Першай загадчыцай працавала Амбрасевіч Ядзвіга.

На адну сельскую бібліятэку ў той час прыпадала  262 двары, на 1 бібліятэку сельскага Дома культуры – 469 двароў, на сельскі клуб – 345, на хату-чытальню – 280 двароў. Бібліятэкамі было праведзена 62 чытацкія канферэнцыі, 112 літаратурных вечароў.

У 1958 годзе бібліятэкі раёна даюць справаздачу аб выкананні сацабавязацельстваў аб давядзенні кнігі да кожнай калгаснай сям’і. Сельскімі бібліятэкамі было ахоплена 3144 двары, не ахоплена 142 з прычыны непісьменнасці жыхароў.

Паступова ўводзіўся адкрыты доступ чытачоў да фонду.

Пастанова ЦК КПСС «О состоянии и мерах улучшения библиотечного дела в стране» (1959г.)  вызначыла змест работы ў 60-я гады.

Пачаліся падворныя абходы. Трэба было не толькі наведаць сям’ю, а і пагутарыць з кожным яе членам.

55 устаноў уключала сетка  бібліятэк у 1965 годзе.

У 1969 годзе ў Смаргоні была адчынена гарадская бібліятэка для дарослага чытача (цяпер гэта бібліятэка №1), а ў 1974 годзе ўсе прыклубныя бібліятэкі атрымалі статус  самастойных сельскіх. Найбольшая колькасць бібліятэк у сяльскай мясцовасці была ў другой палове 70-х гадоў.

Работа бібліятэк садзейнічала духоўнаму ўзбагачэнню жыхароў Смаргоншчыны. Больш за 60% насельніцтва ахоплена бібліятэчнай кнігай. Растуць патрабаванні да работнікаў бібліятэк, узроўню іх ведаў і агульнай культуры. Ім у поўнай меры адпавядалі загадчыца аддзелам камплектавання Юзэфа Уладзіміраўна Марцішонак і супрацоўнік гэтага аддзела Лілія Мікалаеўна Мамыка, бібліятэкар ЦБ Галіна Мечыславаўна Каравай, загадчыкі сельскіх бібліятэк: Жодзішкаўскай – Ірына Вацлаваўна Пашкевіч, Залескай – Антаніна Іванаўна Рогач, Крэўскай – Галіна Браніславаўна Сідаровіч, Мілэйкаўскай – Валянціна Васільеўна Клакевіч.

У 1978г. Сасноўская с/б абслугоўвала 700 чытачоў. Кніжны фонд рэгулярна папаўняўся і складаў на той час больш за 10 тыс. кніг.

“Сольская сельская бібліятэка. Невялічкі, але ўтульны пакой. Над кафедрай схілілася загадчыца Крысціна Канстанцінаўна Цыбоўская. За 1977 год бібліятэка выйшла пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва сярод сельскіх бібліятэк. Нямала зроблена, каб бібліятэка стала сапраўдным ачагом культуры, крыніцай ведаў у вёсцы. Кніжны фонд - больш за 11 тыс. экз., абслугоўвалася 900 чытачоў,” – пісала газета “Светлы шлях”.

У 1979 годзе адбылася цэнтралізацыя сеткі бібліятэк Міністэрства культуры. Наяўнасць адзінага кніжнага фонду – адна з асноўных мэт цэнтралізацыі бібліятэчнай сістэмы. Яго ўтварэнне цягне за сабой істотныя перамены ў даведачным апараце, бібліяграфічным абслугоўванні, інфармацыйнай рабоце. Пачаў дзейнічаць міжбібліятэчны абанемент.

Васьмідзесятыя гады вызначаюцца тым, што работнікі бібліятэк аказваюць дапамогу партыйным, савецкім, прафсаюзным і камсамольскім арганізацыям у мабілізацыі працоўных на выкананне заданняў пяцігодак, перадз’ездаўскіх сацыялістычных абавязацельстваў, шырока прапагандуюць літаратуру аб працоўных пачынах.  Мяняецца характар паўсядзённай працы. Цяпер бібліятэчнаму работніку неабходна мець таленты сцэнарыста, арганізатара. Вядзецца пошук новых формаў работы па прапагандзе кнігі.

Пры ЦБ створана літаратурна-музычная гасцёўня, дзе ладзяцца літаратурныя і літаратурна-музычныя вечары, вечары раманса, бенефісы, сямейныя святы, сустрэчы з цікавымі людзьмі.

У 1983 годзе газета “Светлы шлях” пісала: “Вечарамі людна ў Крэўскай сельскай бібліятэцы. Людзі ідуць сюды, каб узяць новую кнігу, пачытаць свежыя перыядычныя выданні або проста пагутарыць, абмяняцца сваімі думкамі і ўражаннямі. Загадчыца бібліятэкі  А. А. Шчасная ахвотна паказвае кніжныя багацці… У бібліятэцы ўжо больш за 300 чытачоў”.

1986 год быў апошнім, калі ў сістэме працавала 49 бібліятэк, у тым ліку 46 у сельскай мясцовасці.

З 1986 да 1990 года было скарочана 7 сельскіх бібліятэк: Нестанішская, Ардзейская, Вярэбушская, Старарудніцкая, Караваеўская, Панарская і сельская дзіцячая бібліятэка ў Жодзішках.

З ростам гарадскога насельніцтва з’явілася неабходнасць у стварэнні новых гарадскіх бібліятэк. Так  ў 1989 годзе была адкрыта гарадская дзіцячая бібліятэка ў мікрараёне “Усходні”. Першай загадчыцай працавала Грамыка Галіна Іванаўна. Кніжны фонд складаў 3663 экз., абслугоўвалася 824 чытачы, пачала працаваць бібліятэка №2 змешанага тыпу ў Прамысловым мікрараёне. Загадчыца - Грынкевіч Ірына Андрэеўна.

Планаванне работы

На той час Смаргонская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма ўключала ў сябе акрамя цэнтральнай бібліятэкі яшчэ 2 дзіцячыя , 2 гарадскія  і 40 сельскіх бібліятэк.

У 90-я гады вялікая ўвага ўдзялялася захаванню і адраджэнню нацыянальнай спадчыны.  Стала традыцыяй праводзіць работу з беларускай кнігай і літаратурай аб краі, адзначаць Дзень беларускага пісьменства і г.д.

Бібліятэкі Смаргонскай ЦБС пачалі выкарыстоўваць нетрадыцыйныя формы работы. Трывала ўвайшлі ў бібліятэчную практыку прэзентацыі, літаратурныя калейдаскопы, бенефісы. Пачалі праводзіцца мерапрыемствы больш камернага характару: гутаркі, агляды, інфармацыі.  Пры бібліятэках ствараюцца клубы па інтарэсах, аматарскія аб’яднанні. Папулярным становіцца афармленне бібліятэк у нацыянальным стылі з  выкарыстаннем прадметаў народнага побыту, вырабаў народных майстроў. У Лешчаняцкай с/б (заг. Махнач Зоф’я Эдвардаўна) адбылося свята ільну. Тут ствараецца своеасаблівы музей, экспанаты якога – вырабы з ільну і прадметы, што маюць дачыненне да гэтай тэхнічнай культуры.

Па-ранейшаму прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці бібліятэк застаюцца эстэтычная і экалагічная дзейнасць, арганізацыя сямейнага чытання, работа з нацыянальнай літаратурай. Гэта выявілася ў правядзенні месячнікаў прапаганды літаратуры, дзён беларускай кнігі, у стварэнні клубаў гісторыка-краязнаўчай тэматыкі “Краязнаўца”, “Крынічка”, “Спадчына”. У гэтым напрамку характэрны актыўны ўдзел бібліятэк сістэмы ў аглядзе-конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, які быў аб’яўлены Беларускім фондам культуры. Пераможцамі гэтага конкурсу сталі Смаргонская гарадская дзіцячая бібліятэка і Залеская сельская бібліятэка. Бібліятэкі ўдзельнічаюць у адраджэнні народных традыцый: “На зелянец – вясны канец”, тэатралізаваныя абрады вяселля, вячоркі “На вячорках у вясковай хаце”, беларускія дзіцячыя вячоркі “На вячорках у Паўлінкі”, свята беларускага ільну “Ой, і сеяла Ульяніца лянок”. Афармляюцца выставы: “Цудоўная прыгажосць фальклору”, “Сцежкамі дзядоў” і г.д.

Знаёмства з выставай

Пасля 1995 года сетка бібліятэк раёна стабілізавалася. Сельскіх бібліятэк налічвалася 34.

У 1997 годзе ў сувязі з аб’яднаннем гарадскога і раённага аддзелаў культуры ў сетку Смаргонскай ЦБС улілася яшчэ адна гарадская бібліятэка, якая абслугоўвала жыхароў заходняй часткі горада (Заходні пасёлак). Цяпер яна стала гарадской бібліятэкай №3 (заг. Камароўская Таццяна Анатольеўна). Значна раней бібліятэка належала і падпарадкоўвалася Міністэрству абароны, што  накладвала адбітак на камплектаванне фонду. Тут шмат кніг на гістарычную, ваенную тэматыку, багаты фонд класічнай літаратуры, есць нават кнігі, якім больш за 100 гадоў. Смаргонская ЦБС налічвае 34 бібліятэкі: цэнтральная, 3 гарадскія, 2 дзіцячыя, 28 сельскіх бібліятэк, з іх 3 бібліятэкі-клубы.

У  сувязі з аптымізацыяй сеткі бібліятэк у 2002 годзе былі скарочаны Раслянская, Монтацішская, Сівіцкая і Стымонская сельскія бібліятэкі. У 2003 годзе была зачынена Мілідаўшчынская СБ. У 2004 годзе з сеткі выбылі Вялікамыская і Гавуцеўская СБ, а ў 2005 годзе – Дабраўлянская СБ. У 2007 годзе перасталі абслугоўваць насельніцтва Абрамаўшчынская і Малінаўская БК. З 15 жніўня 2012 былі выключаны з сеткі ўстаноў культуры Ардашынская, Валэйкавіцкая, Мілэйкаўская сельскія бібліятэкі, Стрыпунская і Суцькаўская бібліятэкі-клубы, а Сыраваткінская сельская бібліятэка аб’яднана са школьнай і стала ітэграванай на базе дзяржаўнай установы адукацыі.

Сёння Смаргонская   ЦБС налічвае 22  бібліятэкі: цэнтральная, 3 гарадскія, 2 дзіцячыя, 14 сельскіх бібліятэк (з іх 4 бібліятэкі-клубы і  1 установа новага тыпу – Залеская сельская бібліятэка – цэнтр этнакультурнай асветы “Спадчына” (2007г.)

Важнейшай задачай новага часу становіцца мадэрнізацыя бібліятэк  і ўключэнне іх у сістэму інфармацыйных камунікацый. Пачалася камп’ютэрызацыя асноўных бібліятэчных працэсаў, у якую ўключылася і Смаргонская ЦБС.  У адпаведнасці з грамадскімі прыярытэтамі ў  дзейнасці бібліятэк сістэмы пастаянна з'яўляюцца новыя задачы, новыя формы і напрамкі работы. Сёння камп’ютарны парк ЦБС налічвае 32 машыны, з іх у ЦБ – 13, РДБ – 1, ГДБ – 1, ГБ – 4, СБ – 13. Камп’ютарызаваных бібліятэк 19, выхад у Інтэрнэт і электронную пошту маюць 19 бібліятэк: ЦБ, 2 дзіцячыя бібліятэкі, 3 ГБ, 1 сельская бібліятэка, 1 бібліятэка-клуб (дабавіць у тэкст) і 11 бібліятэк аграгарадкоў. Электронных адрасоў у сістэме 20: у ЦБ – 2, у ГБ – 5, у СБ – 13.

  Так,  у Смаргонскай цэнтральнай бібліятэцы быў створаны і працягвае працаваць Публічны цэнтр прававой інфармацыі. Створаны ПЦПІ ў Жодзішкаўскай, Сольскай, Сінькоўскай СБ і ў Залескай СБЦ. Сёння тут збіраецца юрыдычная літаратура, заканадаўчыя акты па ўсіх накірунках дзейнасці сучаснага грамадства. Вельмі дапамагае ў гэтай рабоце камп’ютэрная прававая база дадзеных  “Эталон  WIN”.

З 2007 года цэнтральная бібліятэка пачала працаваць у аўтаматызаваным рэжыме, набыты электронны каталог (ЭК) абласной бібліятэкі, 5 камп’ютараў аб’яднаны ў лакальную сетку, у гэтым жа годзе  створаны Інтэрнэт-клас. У сваю чаргу  ЭК  цэнтральнай бібліятэкі (87907 бібліяграфічных запісаў) перададзены 7-мі бібліятэкам-філіялам: Вішнеўскай, Жодзішкаўскай, Сінькоўскай, Сольскай, Крэўскай, Асінаўшчызненскай СБ і Залескай СБЦ. З 2008 года Смаргонская ЦБ мае свой сайт (http://cbssmorgon.by/).

Пры ЦБ (2007г.), ГДБ (2008г.), Жодзішкоўскай (2007г.),  Вішнеўскай (2009г.), Сольскай (2009г.), Крэўскай (2010г.) СБ і Залескай СБЦ (2008г.) створаны мультымедыйныя цэнтры.

На базе гарадской бібліятэкі №2 створаны Інфармацыйны цэнтр падтрымкі сям'і, матэрыялы якога даюць адказы на пытанні аб сямейным праве, сямейнай псіхалогіі, сямейным выхаванні, сацыяльнай ахове.

Пры раённай дзіцячай бібліятэцы з 2008 года дзейнічае інфармацыйна-адукацыйны цэнтр, які садзейнічае фарміраванню сучаснага ўсебакова адукаванага, інфармацыйна граматнага пакалення шляхам забеспячэння свабоднага доступу да ўсіх відаў інфармацыі, неабходнай для сацыяльнага, прафесійнага і асабістага станаўлення асобы. З 2009 года  інфармацыйна-адукацыйны цэнтр пачаў працаваць у ГДБ.

 У гарадской бібліятэцы №1 на працягу года папаўняўся новымі матэрыяламі сацыяльна-прававы цэнтр “Ад абітурыента да прэзідэнта”. У дапамогу рабоце інфармацыйнага цэнтра створана прававая бібліятэчка.

З мэтай абслугоўвання маланаселеных і аддаленых вёсак з ліпеня 2008 года пачала працаваць перасоўная бібліятэка (бібліёбус).

 Па-ранейшаму бібліятэкі Смаргонскай ЦБС вядуць вялікую работу па арганізацыі вольнага часу наведвальнікаў.

Пры бібліятэках раёна дзейнічаюць 28 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах рознай накіраванасці: літаратурна-мастацкія, краязнаўчыя, экалагічныя, сямейныя, дэкаратыўна-прыкладныя: з іх для пажылых – 2, дзіцячых – 14 (у тым ліку 5 лялечных тэатраў і 1 драматычны гурток), іншых – 12.

 Няпростыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы прывялі ўсіх нас да разумення, што неабходна вучыцца праяўляць клопат аб сабе. Многія пытанні бібліятэкам даводзіцца вырашаць самастойна і зарабляць грошы самім. Насельніцтву раёна аказваецца 37 відаў платных паслуг. У сярэднім 1 СБ выконвае 10 відаў платных паслуг, бібліятэка аграгарадка – 18-20. Да фарміравання цэн на платныя паслугі падыход дыферэнцыраваны, з выкладкамі і эканамічнымі абгрунтаваннямі. Вынікі работы з альтэрнатыўнымі крыніцамі фінансавання сведчаць, што сродкі, атрыманыя ад іх, растуць з кожным годам.

Гісторыя бібліятэк працягваецца і хочацца верыць, што наперадзе – новыя  поспехі і дасягненні.

 Наверх

 

 

 e-mail© Смаргонская раённая бібліятэка, 2011